МУЗЕ́Й СТАРАЖЫТНАБЕЛАРУ́СКАЙ КУЛЬТУ́РЫІнстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай АН Беларусі.
Засн. ў 1977 у Мінску, адкрыты ў 1979 як цэнтр вывучэння і прапаганды бел.маст. спадчыны. Агульная пл. 1200 м², пл. экспазіцыі 600 м². Больш за 17 тыс. экспанатаў (2000), у т. л. 600 твораў іканапісу і жывапісу, 4,5 тыс.дэкар.-прыкладнога мастацтва, 170 скульптур, 2,6 тыс. узораў нар. ткацтва. Экспазіцыя мае раздзелы археалогіі (знаходкі з раскопак гарадоў і інш.археал. помнікаў Беларусі), мастацтва (абразы 16—18 ст., скульптура 16—19 ст., слуцкія паясы і інш. тканіны 18 ст., старадрукі і кніжная гравюра 16—18 ст., разьба, маст. вырабы з металу), этнаграфіі (ткацтва, нар. касцюмы канца 19 — пач. 20 ст., кераміка, нар.муз. інструменты, прылады працы, хатняе начынне, вырабы з саломкі і інш.). Асобны раздзел прысвечаны помнікам этнаграфіі і нар. мастацтва чарнобыльскай зоны. Мае навук. лабараторыю, вядзе выставачную дзейнасць.
Літ.:
Музей старажытнабеларускай скульптуры: Кат. экспазіцыі. Мн., 1983;
Музей старажытнабеларускай культуры. Мн., 1998.
В.Ф.Шматаў, А.А.Ярашэвіч.
Музей старажытнабеларускай культуры. Фрагмент экспазіцыі старажытнага жывапісу і мемарыяльнай скульптуры.